https://cloud.mail.ru/public/ACHQ/7TSL7Vk6r
Адкрыты ўрок беларускай мовы ў 5 класе
Дыялог. Афармленне дыялогу
Настаўнік В.М.Цупік
Мэта: пазнаёміць вучняў з ужываннем дыялогу і маналогу ў вусным і пісьмовым маўленні.
Задачы: садзейнічаць выпрацоўцы ўмення вызначаць маналагічную мову і дыялог, правільна чытаць тэксты з дыялогам, афармляць на пісьме, карыстацца дыялагічнай мовай пры пабудове вусных і пісьмовых выказванняў; ствараць умовы для фарміравання чытацкіх уменняў і здабываць інфармацыю з тэкста; узбагачаць слоўнікавы запас вучняў; выхоўваць моўную культуру вучняў,паважлівыя адносіны да працоўнай дзейнасці.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу з выкарыстаннем міжпрадметных сувязей.
Абсталяванне: мультымедыйны праект, сігнальныя карткі, малюнкі для складання дыялогу, карткі самакантролю, карткі-тэксты.
Ход урока
І. Эмацыянальна-арганізацыйны этап.
1. Н а с т а ў н і к. Добры дзень, дзеці! Я рада нашай сустрэчы на ўроку роднай мовы. Паслухайце, калі ласка, верш, які вы вучылі ў пачатку навучальнага года. ( Адзін з вучняў чытае верш Я.Янішчыц “Мова” ).
Чую тваю жаўруковую музыку
У скошаных травах мурожных.
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі,
І ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
І калі ты мяне толькі паклікаеш,
Памру за цябе без енку.
Нашу я любоў да цябе вялікую
У сэрцы сваім маленькім.
- Чым дарагая родная мова аўтару?
- Якія выразныя словы ўжывае паэтэса, каб перадаць свае адносіны да мовы? ( мова, як сонца беларускае, родная, цёплая, жывая, непаўторная).
- Чым з’яўляецца родная мова для кожнага чалавека, для народа ў цэлым:
а) крыніцай мудрасці;
б) захавальніцай народных традыцый, гісторыі;
в) жыццёвай неабходнасцю;
г) спосабам зносін;
д) прадметам гордасці і захаплення?
ІІ. Інфармацыйна-пошукавы этап.
- Н а с т а ў н і к. Рабяты, паміж намі адбылася размова, гутарка.
- Скажыце, колькі чалавек ўдзельнічала ў гутарцы?
- Ці ведаеце вы, як называецца такая гутарка? (Дыялог)
(Настаўнік прапануе запісаць дату, тэму ўрока).
Вызначэнне задач урока.
Успомніць…
Даведацца…
Навучыцца…
Так, паміж намі адбыўся дыялог. Слова “дыялог” запазычана з грэчаскай мовы. Дыя - два, логас – слова.
Чытанне лінгвістычнага матэрыялу на с.107.
2. Узаемакантроль. ( Вучні правяраюць правіла адзін у аднаго, ацэньваюць, ставяць адзнаку ў картку кантролю).
Картка кантролю
Прозвішча, імя ______________________________________
№ задання |
Від вучэбнай дзейнасці |
Адзнака |
Адзнака настаўніка |
Выніковая адзнака |
|
|
|
|
|
3. Пашырэнне ведаў вучняў па тэме ўрока.
Чытанне па асобах казкі “Воўк і сабака”:
Худы воўк хадзіў каля вёскі і сустрэў тлустага сабаку.
Воўк пытаецца ў сабакі:
-Скажы, сабака, дзе вы корм бераце?
Сабака яму гаворыць:
-Людзі нам даюць.
- Відаць, вы цяжкую людзям службу служыце?
Сабака сказаў:
-Не, наша служба не цяжкая. Работа наша – уночы двор пільнаваць.
- І толькі за гэта вас кормяць?- спытаў воўк.- Гэта ж і я хоць зараз на вашу службу пайшоў бы, а то нам, ваўкам, цяжка корм здабываць.
- Што ж, ідзі, - сказаў сабака. – Гаспадар і цябе гэтак жа карміць будзе.
Воўк зарадаваўся і пайшоў з сабакам да людзей служыць. Пачаў ужо воўк у вароты заходзіць, аж бачыць ён, што ў сабакі на шыі поўсць выцерта. Ён і пытае:
- А гэта ў цябе, сабака, чаму?
- Ды так, ад ланцуга. Удзень жа я на ланцугу сяджу, дык вось ланцугом і выцер крыху поўсць на шыі.
- Ну, дык бывай, сабака, - сказаў воўк. – Не пайду да людзей жыць. Няхай сабе не такі тлусты буду, ды затое на волі.
Н а с т а ў н і к. Рабяты, звярніце, калі ласка, увагу на тое, як афармляецца дыялог.
-Каму належаць словы:”Не, наша служба не цяжкая”?
- Якія рэплікі (рэпліка- словы адной асобы) належаць ваўку, а якія –сабаку?
- Які знак прыпынку ставіцца перад кожнай рэплікай?
-З якога радка і з якой літары пачынаецца кожная рэпліка?
-Якія знакі прыпынку ставяцца пасля рэплік, калі далей ідуць словы аўтара?
Так,калі пасля рэплікі ідуць словы аўтара, то ставяцца тыя ж знакі прыпынку, як і ў сказах з простай мовай.
- Рабяты, у якім сказе выказана асноўная думка казкі? Знайдзіце і зачытайце гэты сказ.
4. Слоўнікавая работа. Тлумачэнне лексічнага значэння слоў: ланцуг, поўсць, тлусты.
ІІІ. Трэніровачна-карэкцыйны этап.
- Самастойная работа. Заданне выконваецца на картках.
Аформіць дыялог, расставіць знакі прыпынку.
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці.
Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць – касец пад кустом сядзіць і нешта есць.
Падышоў да яго воўк:
Ты што ясі чалавеча
Хлеб адказвае касец
А смачны ён
Дзіва што смачны
Дай мне пакаштаваць
Калі ласка
- Праверка выкананага задання (на слайдзе). Вучні абменьваюцца карткамі. Выстаўленне адзнак у картку кантролю.
Узор выканання
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці.
Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць – касец пад кустом сядзіць і нешта есць.
Падышоў да яго воўк:
-Ты што ясі, чалавеча?
-Хлеб, - адказвае ксец
- А смачны ён?
- Дзіва што смачны!
- Дай мне пакаштаваць.
- Калі ласка.
3. Аповед пра тое, як да нас прыходзіць хлеб. ( на слайдзе)
4. Чытанне і тлумачэнне прыказак:
Дзе гаспадар ходзіць, там хлеб родзіць.
Без хлеба няма абеда.
Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы.
Каму што, а галоднаму хлеб. (на слайдзе)
- Якая з гэтых прыказак падыходзіць да паводзін ваўка ў казцы “Лёгкі хлеб”?
5.Граматычная фізкультразмінка.
Вызначэнне роду назоўнікаў. На дошцы запісаны назоўнікі. З дапамогай сігнальных картак дзеці вызначаюць род назоўнікаў.
Асёл, сабака, кот, певень, гаспадар, артыст,лес, вавёрка, лось,мыш, воўк, хатка,акно,канцэрт, музыкант, страха, агонь, плот, разбойнік. (размінка для рук) Далей праводзіцца размінка для ног. Калі настаўнік паказвае і называе назоўнік м.р., падымаюцца хлопчыкі, калі ж.р. - дзяўчынкі, калі н.р. - і хлопчыкі, і дзяўчынкі.
Падвядзенне вынікаў размінкі.
Н а с т а ў н і к. Рабяты, вы здагадаліся, з якой казкі гэтыя назоўнікі? (“Музыкі”). Давайце зачытаем урывак з гэтай казкі. ( Адзін з вучняў зачытвае ўрывак).
- У нашай хаце нейкая невядомая сіла пасялілася! Хацеў я на парыпечку вугольчыкі раздзьмухаць, аж нехта шась мне нажом па руцэ. Кінуўся я ўцякаць, а хтось каля парога па назе шабляй агрэў. Потым нейкі д’ябал з-пад страхі вылецеў ды кап’ём у галаву пачаў тыкаць. Пераскочыў я праз плот, а там нехта мяне як перацягне даўбешкай, дык я разы тры перакуліўся праз галаву. Баюся, што нас і тут не пакіне ў спакоі нячыстая сіла. Трэба ўцякаць.
Н а с т а ў н і к. Рабяты, каму належаць гэтыя словы? (Разбойніку).
Чаму, на вашу думку, яны не маглі супрацьстаяць сябрам-музыкам? Як вы думаеце, гэты ўрывак можна назваць дыялогам? Гэта маналог.
Рабяты, я вам прапаную зараз скласці дыялог ці маналог па карцінках. (састаўленне дыялога ці маналога па карцінцы на слайдзе).
Зачытванне дыялогаў. Запіс на дошцы.
Н а с т а ў н і к. А зараз давайце ўспомнім, з чаго мы пачыналі ўрок. Так, з верша Я.Янішчыц “Мова”. Давайце яшчэ раз нагадаем гэты верш. (Адзін з вучняў чытае).
-Рабяты, як вы лічыце, гэты верш мы аднясем да дыялога ці маналога? (Адказы вучняў. Абгрунтаванне).
ІУ. Падагульненне.
Закончы сказ
- На ўроку я ўспомніў…
- Даведаўся…
- Навучыўся…
У. Рэфлексія.
Н а с т а ў н і к. Пакладзіце на адну далонь сваю працавітасць, на другую – удзячнасць настаўніка. Усё злучыце (вучні злучаюць далоні) і замацуйце (вучні апладзіруюць).
УІ. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.
УІІ. Дамашняе заданне